У Свіслачы і Якушоўцы ўшанавалі памяць паўстанцаў 1863 года

Каля ста актывістаў дэмакратычных арганізацый наведалі 25 кастрычніка пасёлак Свіслач і вёску Якушоўка, дзе праходзілі мерапрыемствы па ўшанаванні памяці паўстанцаў 1863 года.
Пачаліся ўрачыстасці з імшы у свіслацкім касцёле, пасля якой актывісты накіраваліся на радзіму братоў Каліноўскіх у вёску Якушоўку, дзе ўсклалі кветкі да памятнага крыжа. З Якушоўкі пілігрымы вярнуліся ў Свіслач. Каля помнікаў Кастусю Каліноўскаму, Рамуальду Траўгуту і магілы Віктара Каліноўскага адбыліся кароткія выступы і ўскладанне кветак.

Варта адзначыць, што пры ўездзе ў Свіслач некаторыя машыны з актывістамі спынялі міліцыянты, якія перапісвалі дадзеныя людзей у салоне і нумары аўтамабіляў.

Таксама падчас урачыстасцяў актывістаў суправаджалі міліцыянты, якія здымалі ўсё, што адбывалася, на відэакамеры. Затрыманняў не было.