У Валынскай вобласці Украіны затрымалі беларускага шпіёна

У Валынскай вобласці Украіны затрымалі беларускага шпіёна

У Валынскай вобласці Украіны 20 сакавіка затрымалі беларускага шпіёна, паведамляе прэс-служба СБУ. Ён збіраў інфармацыю пра размяшчэнне і перасоўванне тэхнікі Узброеных сіл Украіны, пра стан мабілізацыі, рабіў здымкі.

Мужчына на відэа СБУ кажа, што "быў завербаваны аператыўным супрацоўнікам памежкамітэта Рэспублікі Беларусь", калі знаходзіўся на радзіме. Ён атрымаў каналы сувязі, і 17 лютага 2022-га, яшчэ перад пачаткам вайны, выехаў ва Украіну. Першае тэлефанаванне беларускага памежніка было 24 лютага. Пасля на яго выйшаў іншы беларускі сілавік, які праінструктаваў шпіёна пра меры канспірацыі. Падчас чарговага тэлефанавання беларуса затрымалі ўкраінскія контрразведчыкі.

Вядома, што грамадзянін Беларусі некалькі гадоў жыў у памежным раёне Валыні — узяў шлюб з мясцовай жыхаркай. Ён планаваў уцякаць у Беларусь, але за ім ужо сачылі. Былі знойдзены зробленыя здымкі вайсковай тэхнікі, дакументы. Крымінальная справа распачата па артыкуле "шпіянаж".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.