У Віцебску распачаўся Этап кубка свету па “Што? Дзе? Калі?”

У Віцебску распачаўся II Міжнародны турнір па інтэлектуальных гульнях “Славянка 2009”. Турнірная камісія Міжнароднай асацыяцыі клубаў “Што? Дзе? Калі?” надала спаборніцтвам знатакоў статус Этапа кубка свету. У Беларусі турнір такога ўзроўню праходзіць упершыню. Асноўныя гульні “Славянкі 2009” праходзяць у актавай залі віцебскага філіяла Вышэйшага дзяржаўнага коледжа электрасувязі. Там 29 і 30 жніўня знатакі згуляюць 75 пытанняў “Што? Дзе? Калі?” і турнір па гульні “Эрудыт-квартэт”. Шоу-гульня “Апошні герой”, падчас якой каманды знатакоў будуць губляць гульцоў, недакладна адказваючы на пытанні, адбудзецца ўвечары 29 жніўня ў рэстаране “Да Вінчы”.

Турнір наведалі 44 каманды, 14 з якіх — беларускія. Астатнія знатакі прыехалі з Расіі і Ўкраіны. Сярод гасцёў турніра — ўдзельнікі беларускага тэлеклуба “Што? Дзе? Калі?” Алена Повышава, Андрэй Супрановіч, Улад Дронаў, Вера Артамонава, а таксама расійскія элітарныя знатакі Сяргей Віваценка, Міхаіл Левандоўскі і магістр Максім Паташоў.

Гульнявое журы турніра ўзначальвае вядомы беларускі знаток Леанід Клімовіч.