У Віцебску выселілі жанчыну, якая не плаціла за ўтрыманне дачкі ў інтэрнаце

Суд Першамайскага раёну Віцебска выселіў з добраўпарадкаванай кватэры ў цэнтры горада жанчыну, якая не толькі мела вялікую запазычанасць за кватэру, але і не плаціла дзяржаве аліменты на сваю маленькую дачку. На сёння яна запазычылася камунальшчыкам 4 мільёны рублёў ды яшчэ больш за мільён - за ўтрыманне дзяўчынкі-дашкольніцы ў інтэрнаце. Падрабязнасці гэтай гісторыі даведалася нашая карэспандэнтка Ядвіга Сташэўская:

"Нядбайная" маці, непрацуючая алкагалічка, будзе жыць ў невялічкім пакойчыку на ўскраіне Віцебску. Кватэру, з якой яе выселілі, ўлады плануюць здаваць, каб пакрыць выдаткі на выхаванне дзяўчынкі.

Калі малая дасягне паўналецця, яе прапішуць у матчынай кватэры. Толькі вось кватарантаў знайсці будзе цяжка - жыллё знаходзіцца ў жудасным стане”.


Гэта першая, але, паводле прагнозаў пракуратуры, не апошняя падобная справа ў Віцебску. Жанчын, якія ўхіляюцца ад выплаты аліментаў, на Віцебшчыне нямала.