У Віцебску затрымалі чорнага капальніка, які гандляваў трацілам

Самую буйную партыю выбуховых рэчываў з пачатку года канфіскавалі супрацоўнікі віцебскага аддзела па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю. 30 кілаграмаў траціла прадаваў жыхар Віцебску, які раней ўжо быў асуджаны за аналагічнае злачынства. Паводле намесніка кіраўніка АБАЗ Яўгена Сушынскага, мужчыну не цікавіла, як можа быць выкарыстана выбухоўка, ён проста хацеў зарабіць грошы.

Яўген Сушынскі: “30 кілаграмаў трацілу прадаваў па 200 долараў за кілаграм, зарабіць хацеў 6 тысяч долараў. Зараз гэты грамадзянін арыштаваны, яму прад’яўлена абвінавачванне”.

За падобнае злачынства крымінальны кодэкс прадугледжвае пакаранне да 7 гадоў пазбаўлення волі. Як паведамілі ў праваахоўчых органах, у верасні ў лесе недалёка ад Віцебску было таксама выкрыта сховішча, дзе невядомы хаваў больш за сотню снарадаў ды мін часоў ІІ сусветнай.