У войску не было і няма праблем з беларускай мовай — Мінабароны

"Праблемы з беларускай мовай не было і няма", — заявіў міністр абароны Беларусі генерал-палкоўнік Леанід Мальцаў, каментуючы па просьбе журналістаў сітуацыю вакол маладога апазіцыйнага дзеяча з Гомеля Змітра Жалезнічэнкі. Нагадаем, Жалезнічэнка быў двойчы адлічаны з Гомельскага універсітэта. Першы раз намеснік старшыні абласной арганізацыі "Моладзь БНФ" абскардзіў у судзе адлічэнне і быў адноўлены.

Але праз чатыры дні пасля аднаўлення ў ВНУ быў ізноў адлічаны і 25 студзеня прызваны ў транспартныя войскі. 9 лютага ён адмовіўся прымаць вайсковую прысягу. Раней Жалезнічэнка патрабаваў, каб у выпадку прызыву ў войска яго накіравалі ў частку, дзе загады аддаюцца на беларускай мове.

Мальцаў нагадаў, што беларуская мова з'яўляецца дзяржаўнай нараўне з рускай. Напрыклад, тэкст прысягі, якую адмовіўся прыняць Жалезнічэнка, ёсць на абодвух мовах, адзначыў міністр.

"Калі ёсць жаданне ў кагосьці чуць каманды на беларускай мове — няма праблем. Проста ён адзін, для яго аднаго — няма сэнсу. Хоць бы ўзвод — без праблем", — заявіў Мальцаў.

Пазіцыю Жалезнічэнкі міністр абароны кваліфікаваў як непавагу да народа.

БелаПАН