У “жывых журналах” Ліпковіч перамагае Фядуту, а за coipish’a галасуюць фашысты

Вынікі Першай беларускай ЖЖ-прэміі будуць падведзеныя праз 5 дзён. Амаль у кожнай з намінацый вызначыліся фаварыты. Там-сям гэта нават адбылося без скандалаў. Да апошняга часу самая ўпартая барацьба працягвалася ў намінацыі “Палітыка”. Тут за перамогу змагаліся Аляксандр Фядута і Яўген Ліпковіч, якія абвясцілі адзін аднаму сапраўдную online-вайну. Дзякуючы актыўнаму піяру спадар Ліпковіч адарваўся ад спадара Фядуты больш чым на 100 галасоў. Затое дзённік спадара Фядуты цяпер чытаюць больш за 700 ЖЖ-юзераў. Натхнёны гэтым Інтэрнэт-сцёбам, рок-музыка Atmoravi нават напісаў па гарачых слядах жартоўную песню.

У намінацыі “Літаратура” лідэрства ўпэўнена ўтрымлівае мінскі празаік і карэспандэнт “Белгазеты” Антон Кашлікаў. Яго асноўныя канкурэнты, а дакладней канкурэнткі: літаратарка Марыйка Мартысевіч і журналістка ўсё той жа “Белгазеты” Таццяна Заміроўкская вырашылі трымацца на адлегласці ад прэміі і звязаных з ёю жарсцяў.

У намінацыі “Музыка” з адрывам перамагае аматар і аглядальнік беларускага андэграўнду Вячаслаў Радзівонаў. На 30 галасоў апярэдзіў канцэртнага прамоўтэра Аляксандра Багданава.

Аж на 43 галасы апярэджвае канкурэнтаў фотаблогер Яўген Грабкін, Інтэрнэт-дзённік якога вабіць наведнікаў здымкамі фотамадэляў з мадэльнага агенцтва SERGE і Нацыянальнай школы прыгажосці. Прыкладна такая ж карціна ў конкурсе Інтэрнэт-суполак, дзе наперад вырвалася кам’юніці мінскіх блогераў.

Зусім не да жартаў удзельнікам намінацыі “Агрэгатар”, якая ўручаецца за акумуляцыю ва ўласным дзённіку ўсяго найлепшага, што ёсць у Інтэрнэце. ЖЖ-юзер coipish падчас самапіяру неаднаразова ўказваў на “неарыйскае” паходжанне сваіх канкурэнтаў, а адарваўся ад канкурэнтаў пасля таго, як за яго пачалі галасаваць фашыстоўскія Інтэрнэт-групоўкі. Агітацыя за coipish у дзённіку yarowrath выглядае наступным чынам:

“Падтрымаем геноссэ coipish!

Па-першае, ён наш паплечнік, а паплечнікам прынята дапамагаць. Па-другое, у яго надзвычай агідныя апаненты: lipkovich (звычайны жыд у этнічным і духоўным сэнсе) і l_u_f_t (антыфа, актывіст за "забарону нацысцкай ідэалогіі", які нават не жыве ў Беларусі). Ні той, ні другі, што характэрна, не ведаюць беларускай мовы, але пры гэтым вельмі жадаюць атрымаць тытул "лепшых беларускіх блогераў".

Калі атрымаецца абламаць кайф гэтым персанажам, а заадно вывесці coipish у лідэры – было б вельмі выдатна. Можаце лічыць гэта асабістай просьбай”.

Ці варты сертыфікат на суму ў 50 умоўных адзінак, які атрымае кожны пераможца Першай беларускай ЖЖ-прэміі, распальвання нацыянальнай варажнечы? Кожны адказвае на гэтае пытанне па-свойму.