У ЗША самалёт на сонечных батарэях здзейсніў трохдзённы палёт над акіянам

У ЗША самалёт на сонечных батарэях здзейсніў трохдзённы палёт над акіянам

Самалёт на сонечных батарэях Solar Impulse 2 здзейсніў трохдзённы палёт над Ціхім акіянам з Гаваяў да Каліфорніі. Перад пасадкай у Сіліконавай даліне самалёт праляцеў над знакамітым мостам Залатая брама ў Сан-Францыска. Пілатаваў лятальны апарат Бертран Пікар.

Палёт пачаўся ў чацвер на Гаваях, дзе аэраплан праходзіў працяглы рамонт з-за пашкоджання сонечных батарэяў і ў чаканні добрага надвор’я.

Гэта быў дзявяты этап у кругасветным падарожжы стваральнікаў Solar Impulse 2. Яно пачалося болей за год таму ў Абу-Дабі. Самалёт хутка прайшоў частку шляху да Японіі, аднак пры наступным пералёце да Гаваяў сур’ёзна пацярпеў.

Самалёт працуе выключна на сонечнай энергіі, якую атрымлівае праз 17 тысяч фотаэлементаў на сваёй паверхні. За палётам штохвіліны сочаць дыспетчары ў Манака. Метэаролагі і арганізатары пералёту ўвесь час абнаўляюць інфармацыю і выбіраюць для Solar Impulse 2 аптымальны маршрут.

Пасля пералёту праз Паўночную Амерыку самалёт на сонечных батарэях чакае новае выпрабаванне: пералёт праз Атлантычны акіян з Нью-Йорка да Гібралтарскага праліву, перадае ВВС.

Фота: BBC, AP, AFP