У ЗША ў зямлі зноў адкрылася варонка, якая раней паглынула чалавека
Трагічны і загадкавы выпадак адбыўся два гады таму.
У амерыканскім гарадку Сефнер (штат Флорыда) ў зямлі з’явілася вялізарная варонка. Два з паловай гады таму, у лютым 2013 года на тым самым месцы дзірка ў зямлі з’явілася проста пад спальняй мясцовага жыхара Джэфа Буша. Гэта адбылося ўначы, калі мужчына спаў у сваім ложку.
Ён закрычаў і на дапамогу прыбег яго брат Джэрэмі: ён убачыў, што Джэф і мэбля з яго пакоя пайшлі ў земляную варонку. Джэрэмі спрабаваў выратаваць брата і пачаў капаць зямлю, але безвынікова. Парэшткі зацягнутага ў варонку мужчыны так і не знайшлі.
Днямі варонка адкрылася зноў і цяпер яе дыяметр складае каля шасці метраў. Аднак цяпер яна нікому не пагражае — людзі з’ехалі з гэтага раёна. Каб трагедыя не паўтарылася, мясцовыя ўлады выкупілі ўчастак зямлі, знеслі дом і абнеслі варонку плотам, паведамляюць замежныя СМІ.

Фота: Твітэр