Удзельніцу Плошчы, якая атрымала чэрапна-мазгавую траўму, будуць судзіць?

Удзельніца акцыі 19 снежня Святлана Носава, якая знаходзілася ў рэспубліканскім вайсковым шпіталі ў Мінску з чэрапна-мазгавой траўмай, сёння, 23 снежня, атрымала ліст на выпіску і была звезена ў невядомым кірунку. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў актывіст дэмакратычнага руху Франак Вячорка
Ён адзначыў, што, наколькі яму вядома, верагодна сёння ж над Носавай адбудзецца суд:

Франак Вячорка: "Святлана Носава знаходзілася ў рэспубліканскім вайсковым шпіталі ў адзяленні траўматалогіі да 11:00. Яна ляжала з чэрапна-мазгавой траўмай. Была ў эпіцэнтры падзеяў 19 снежня. Яе забрала хуткая, яна была ў цяжкім непрытомным стане — збітая, з ацёкамі, гузакамі на галаве. Сёння ёй раптоўна прыносяць ліст на выпіску і забіраюць у невядомым кірунку. Наколькі вядома, яна ўжо знаходзіцца ў Савецкім РУУС і верагодна сёння ж адбудзецца суд".