Удзельнікі аўтапрабегу знаходзяцца ў Магілёве, адкуль накіруюцца ў Шклоў

Удзельнікі аўтапрабегу, які праводзяць моладзевыя актывісты, знаходзяцца ў Магілёве.  Яны маюць намер наведаць палітвязня Артура Фінькевіча, які адбывае ў гэтым горадзе “хімію”.

Нагадаем, аўтапрабег, прымеркаваны да дня народзінаў Змітра Дашкевіча, палітвязня, аднаго з лідэраў “Маладога фронту”, стартаваў у Мінску 19 ліпеня. Аднак адразу за горадам аўтамабілі былі затрыманыя супрацоўнікамі ДАІ.

У выніку, удзельнікі акцыі праехалі па запланаваным маршруце Мінск — Баранавічы — Нясвіж — Салігорск — Магілёў на грамадскім транспарце.

Сёння ўдзельнікі акцыі мяркуюць даехаць да Шклова, дзе ў калоніі адбывае пакаранне Дашкевіч. Яны павіншуюць палітвязня з днём народзінаў (Дашкевічу 20 ліпеня споўнілася 26 гадоў), будуць імкнуцца перадаць яму торт.

Таксама запатрабуюць, каб кіраўніцтва калоніі дазволіла спатканне Змітра з бацькамі.

Прэс-служба “Маладога фронту” паведамляе, што сёння салігорскія міліцыянты затрымалі аднаго з кіроўцаў аўтапрабегу, які накіроўваўся ў Магілёў.