Украіна гатовая замяніць Беларусь на расійскім рынку малочнай прадукцыі

Украінская малочная прадукцыя можа замяніць беларускія тавары ў Расіі. Пра гэта ў сераду заявіў РІА "Новости"  міністр аграрнай палітыкі Ўкраіны Юры Мельнік. Па ягоных словах, гаворка ідзе прыблізна аб 20 украінскіх прадпрыемствах, якія прайшлі інспекцыйную праверку расійскіх адмыслоўцаў.

Разам з тым Мельнік паведаміў, што Ўкраіна не плануе павялічваць імпарт малочнай прадукцыі з Беларусі. Па словах чыноўніка, якія перадае УНІАН, і цяпер ва Ўкраіне няма ніякіх абмежаванняў беларускай малочнай прадукцыі. Галоўная ўмова для магчымасці паставак з Беларусі — адпаведнасць стандартам якасці і вытворчасць з уласнай, а не імпартнай сыравіны.

Па словах Мельніка, на цяперашні час Украіна імпартуе малочную прадукцыю з Беларусі, Расіі ды краін Еўрасаюза. Унутраны рынак Украіны насычаны малочнай прадукцыяй у поўным аб'ёме, падкрэсліў міністр.

Напярэдадні амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Ліхавы не выключыў, што Ўкраіна можа павялічыць імпарт малочнай прадукцыі з Беларусі.