Украінцы заклікалі Юлію Цімашэнку заступіцца за беларускіх прызыўнікоў

Усеўкраінская моладзевая арганізацыя "Нацыянальны Альянс" звярнулася да Юліі Цімашэнкі з просьбай абмеркаваць з Аляксандрам Лукашэнкам пытанне незаконнага прызыву беларускіх апазіцыянераў у войска. Сустрэча прэм'ер-міністра Ўкраіны з беларускім лідэрам мае адбыцца напрыканцы лютага. "Юлія Ўладзіміраўна, вось ужо чатыры гады Вы і Ваша палітычная сіла ніяк не рэагавалі на палітычнае бязмежжа, якое адбывалася ў суседняй краіне. Вы маўчалі, калі разганялі мірныя акцыі дэмакратычных сілаў Беларусі, Вы маўчалі, калі саджалі апазіцыйных актывістаў. Зараз Вы ўжо не можаце прамаўчаць.

Вы павінны запатрабаваць не толькі неадкладнага вызвалення ўсіх незаконна прызваных на вайсковую службу беларускіх дэмакратаў, але і дамагацца поўнага спынення пераследу апазіцыйных сілаў.

Хочацца Вам нагадаць, што менавіта гэтыя людзі, якіх зараз пераследуе аўтарытарны рэжым у Беларусі стаялі за Вашу перамогу на майдане ў Кіеве, у той час як Аляксандр Лукашэнка віншаваў Віктара Януковіча з сумленнай перамогай на выбарах"
, — гаворыцца ў заяве "Нацыянальнага Альянсу".

Звяртаюць увагу альянсаўцы і на пазіцыю прэзідэнта Ўкраіны: "Мы з непаразуменнем і занепакоенасцю назіраем за спробамі вышэйшага кіраўніцтва Ўкраіны у асобе прэзідэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі стаць "адвакатам" дыктатара Аляксандра Лукашэнкі ў Еўропе. Сам Лукашэнка выказваў удзячнасць кіраўніцтву Ўкраіны за "каласальную сталую падтрымку" на ўсіх узроўнях камунікацыі з еўрапейскімі і амерыканскімі партнёрамі, дзякуючы чаму атрымалася "наладзіць дыялог між Беларуссю і Захадам".

У канцы заявы "Нацыянальны Альянс" звяртаецца да ўкраінскіх і беларускіх арганізацыяў, якім неабыякавыя падзеі ў Беларусі, з просьбай падпісацца пад заявай.