Украінцы зладзілі вулічны хэпенінг дзеля вызвалення Дубскага (фота)

10 кастрычніка ў горадзе Калуш (Івана-Франкоўская вобласць) моладзевыя арганізацыі “Нацыянальны Альянс” і “Малады Рух” правялі акцыю з патрабаваннем вызваліць Арцёма Дубскага. Каля 15 чалавек спачатку прайшліся вуліцамі, а пасля сталі на цэнтральнай плошчы горада з партрэтамі беларускага палітвязня. Пры гэтым у маладзёнаў вусны былі залепленыя скотчам, што сімвалізавала адсутнасць свабоды слова ў Беларусі.
Адначасова яны раздавалі ўлёткі аб сітуацыі ў суседняй краіне і збіралі подпісы да амбасадара Беларусі ва Ўкраіне Валянціна Вялічкі з патрабаваннем вызваліць Дубскага. Усяго было сабрана каля 200 подпісаў, якія ўжо адпраўленыя ў амбасаду.

Нагадаем, што першая акцыя ў падтрымку Дубскага была праведзеная “Нацыянальным Альянсам” у Луцку ў пачатку жніўня. У бліжэйшыя дні акцыі ў падтрымку Дубскага пройдуць па ўсёй Украіне.









Фота аўтара