Уладзімір Цэслер выставіў у мінскім метро вэнджаную скумбрыю і кільку (Фота)

Некалькі прац з новага праекту вядомага беларускага мастака і дызайнера Ўладзіміра Цэслера дэманструюцца на экранах у мінскім метро.
Цыкл прысвечаны рыбнай тэме і звязаны з брэндам "Рыбзавод". Ён уключае ў сябе тры працы Цэслера, у якіх выкарыстаныя выявы самых папулярных найменняў прадукцыі, што выпускаецца пад гандлёвай маркай "Рыбзавод": скумбрыі гарачага вэнджання, слабасалёнага селядца і вэнджанай кількі.

Праўда, пасажыры метро змогуць убачыць толькі дзве працы, бо ў трэцяй, акрамя рыбы, намаляваны куфель з півам. Рэкламадаўцы падумалі, што гэта магло быць інтэрпрэтавана як парушэнне Закона аб рэкламе, перадае “Інтэрфакс-Захад”.

Уладзімір Цэслер уваходзіць у лік самых вядомых беларускіх мастакоў і дызайнераў. Яго сумесныя працы з Сяргеем Войчанкам захоўваюцца ў музеях плаката Латвіі, Швейцарыі, Нямеччыны, Японіі, Фінляндыі, ЗША, у Луўры, а таксама ўключаныя ў калекцыю 500 лепшых плакатаў стагоддзя.




Фота: tut.by