Уладзімір Роўда: Мілінкевіч нясе адказнасць за тое, што ўвёў Еўропу ў зман

Палітолаг Уладзімір Роўда крытычна ацэньвае перспектывы "беларускіх слуханняў" у Еўрапарламенце 12 студзеня. Пра гэта ён распавёў у жыым эфіры Еўрарадыё.  Нагадаем, з дакладам ад Беларусі выступяць кіраўнік руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч і прадстаўнік БАЖ Андрэй Аляксандраў. Таксама на слуханнях будзе прысутнічаць дэлегацыя, у якую ўваходзяць Станіслаў Шушкевіч, Аляксандр Казулін, дачка Уладзіміра Някляева Ева, Сяргей Калякін і інш.

На думку Роўды, для паляпшэння палітычнай сітуацыі ў Беларусі Еўрасаюз мусіў бы аказаць моцны ціск. І гэта ні ў якім разе не размовы пра лібералізацыю да інтэграцыю ў Еўропу. Гэта магло б быць эмбарга — ад эканамічнага да палітычнага. Еўропа мусіла б запатрабаваць не проста вызвалення палітвязняў, а змены заканадаўства і правядзення свабодных выбараў. Аднак, кажа эксперт, пазіцыя краінаў Еўрасаюзу наконт "беларускага пытання" не супадае.

З гэтага гледзішча Роўда негатыўна ацэньвае тое, што Беларусь прадстаўляе Мілінкевіч. Па словах палітолага, менавіта Мілінкевіч дэзінфармаваў Еўропу: ён казаў, што патрэбны дыялог з беларускім рэжымам, трэба заплюшчваць вочы на тое, што адбываецца ў Беларусі. Роўда лічыць, што ў падзеях апошняга месяца ёсць віна Мілінкевіча, бо той даў Еўропе неадэкватную інфармацыю.