Унікальны абраз Яна Дамеля вернецца ў касцёл у Вішневе (фота)

200-гадовы абраз пэндзля класіка беларускага жывапісу Яна Дамеля знайшоў у вішнеўскім касцёле вернік Анатоль Шчучко (ураджэнец Вішнева, які цяпер жыве ў Гомелі). На палатне 1811 года выяўлены Святы Язэп з Дзіцяткам Ісусам. Адметна, што дагэтуль у Беларусі быў вядомы толькі адзін абраз Дамеля — Святая Канстанцыя, якая знаходзіцца ў пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея, куды патрапіла ў 1939 годзе з Нясвіжскага замка. Іншыя творы Дамеля захоўваюцца ў музеях Варшавы і Вільні.


Анатоль Шчучко сваімі сіламі і коштам арганізаваў рэстаўрацыю абраза ў майстэрнях пры Палацы Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі. Цяпер рэстаўрацыя скончана. 12 чэрвеня а 19-й гадзіне адбудзецца ўрачыстая прэзентацыя адноўленага абраза.


Як паведамляе сайт Catholic.by, дзея пройдзе пад гукі арганнай музыкі ў выкананні арганісткі Сафійскага сабора ў Полацку Ксеніі Пагарэлай. Пасля гэтага абраз, які мае больш за тры метры ў вышыню, вернецца назад у Вішнева, дзе зойме пачэснае месца над галоўным алтаром касцёла.