Утрыманне беларускага зняволенага за кратамі ў 5 разоў танней за польскага

Таму польскія злачынцы самі заплацяць за свае электронныя бранзалеты — каб зэканоміць дзяржаве грошы. У Беларусі пакуль не будуць уводзіць электронную сістэму кантролю за зняволенымі, бо танней утрымліваць іх за кратамі.
У Польшчы бранзалеты на асуджаных за нязначныя злачынствы надзенуць ужо 1 верасня. Адразу 7,5 тысяч асуджаных выйдуць на волю, але не змогуць пакідаць вызначаныя межы. Зняволеным давядзецца самім плаціць за свае бранзалеты, — распавядае Еўрарадыё супрацоўніца аддзела інфармацыі Міністэрства юстыцыі Польшчы Ёана Дэмбэк.

Ёана Дэмбэк: “Частку кошту будуць пакрываць асуджаныя. 80 злотых (каля 28 долараў - ЕРБ) яны заплацяць адразу. Акрамя таго, за кожны дзень яны будуць плаціць па два злотыя (крыху менш за долар)”.

Начальнік Дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Юрый Барынкоў кажа Еўрарадыё, што для нас гэта занадта дарагі варыянт – ніякай эканоміі.

Юрый Барынкоў: “Пакуль гэтае пытанне не разглядаецца. Гэта вельмі каштоўная праграма і такіх сродкаў ні ў дэпартамента, ні ў МУС няма”.

У Польшчы разлічваюць эканоміць неблагія грошы: 70 мільёнаў долараў, што каштуюць бранзалеты, акупяцца за год з невялікім. Нагляд за такім асуджаным будзе каштаваць толькі 33 долары за месяц. Сёння ж — 800 долараў! Гэта ўдвая больш за сярэдні заробак у Беларусі.

Ёана Дэмбэк: “Мы верым ў тое, што ўвядзенне новай сістэмы адбывання пакарання дазволіць вырашыць праблему перанаселенасці турмаў і значна зэканоміць. Бо ўтрыманне аднаго зняволенага, які адбывае пакаранне ў турме, абыходзіцца ў 2300 злотых (прыкладна, 800 долараў — ЕРБ)”.

Па словах Юрыя Барынкова, беларускі зняволены каштуе дзяржаве 450 тысяч рублёў штомесяц. Толькі палова з гэтай сумы — харчаванне.

Юры Барынкоў: “Цалкам дзесьці 450 тысяч. Гэта і ахова, і заробкі нашы, і будоўля. Харчаванне, камунальныя выдаткі, рэчавае забеспячэнне — на парадак, канечне, ніжэй і дзесьці у сярэднім будзе каля 200 тысяч”.

Да таго ж беларускія зняволеныя выконваюць шэраг прац — а гэта часткова акупляе іх утрыманне за кратамі. Якая тут эканомія на бранзалетах.

Дарэчы, па дадзеных World Prison Population за 2007 год у Беларусі былі 532 зняволеныя на 100 тысяч насельніцтва. У Польшчы — 209 зняволеных.

Фота: obozrevatel.com