Увечары 26 снежня аднавіў паўнавартасную працу сайт charter97.org

Як паведамлялася раней, раніцай 20 снежня ў офісе сайта былі затрыманыя галоўны рэдактар Наталля Радзіна і валанцёры. Пасля Радзіна была прызнаная адной з падазраваных па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску ўвечары 19 снежня. Зараз яна знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Валанцёры атрымалі розныя тэрміны адміністрацыйнага арышту.

Пасля затрымання Радзінай і валанцёраў колькасць навін, якія размяшчаюцца на сайце паменшылася да адной-трох у суткі. Хто зараз займаецца напаўненнем сайта, невядома.

На прэзідэнцкіх выбарах-2010 сайт, створаны ў верасні 1998 года, актыўна падтрымліваў Андрэя Саннікава — былога намесніка міністра замежных спраў, аднаго з аўтараў грамадзянскай ініцыятывы "Хартыя-97", каардынатара грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь". За публікацыі на сайце былі ўзбуджаны тры крымінальных справы, паведамляе БАЖ.