Вароты "Віцебска" абараняў палявы гулец нігерыец Сімон Агар (фота)

У суботу прайшлі першыя матчы 16-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе. Чарговае паражэнне пацярпела жодзінскае "Тарпеда" і зноў на сваім полі, на гэты раз яно саступіла "Нафтану" — 0:1 (гол на 64-й хвіліне забіў Аляксандр Дзегцяроў). Магілёўскі "Днепр" атрымаў валявую перамогу над "Віцебскам" — 3:2. Госці адкрылі лік у канцы першага тайма (вызначыўся Шакаў). На 47-й хвіліне Сазанкоў зраўнівае лік, а на 66-й Мацвяенка выводзіць гаспадароў поля наперад. Аднак Халадкоў на 73-й хвіліне робіць лік нічыйным — 2:2. Пераможны гол магілёўцы забілі праз тры хвіліны, калі вызначыўся Лясюк.

Цікавы эпізод здарыўся на 89-й хвіліне. За "фол апошняй надзеі" з поля быў выдалены варатар "Віцебска" Васюцін. Паколькі госці ўжо выканалі ўсе замены, у браму давялося стаць палявому гульцу нігерыйцу Сімону Агару (на фота). Як адзначае сайт football.by, гэта быў гістарычны момант, бо раней у чэмпіянаце Беларусі вароты ніколі не абараняў чорнаскуры футбаліст.



"Мінск" згуляў унічыю з гродзенскім "Нёманам" — 0:0, "Гомель" і "Граніт" (Мікашэвічы) таксама згулялі ўнічыю, толькі 1:1. Лік адкрыў на 21-й хвіліне Каліжуры Майкон, а на 74-й Дзмітрый Чухлей яго зраўняў.

У нядзелю пройдуць матчы МТЗ-РІПА — "Шахцёр" і "Дынама" (Брэст) — "Дынама" (Мінск).

Турнірная табліца выглядае наступным чынам:

БАТЭ — 37 ачкоў (пасля 15 гульняў)
"Нафтан" — 28 (16)
"Днепр" і "Нёман" — па 26 (16)
"Тарпеда" — 25 (16)
"Дынама" (Мінск) — 24 (15)
"Шахцёр" — 22 (15)
"Дынама" (Брэст) — 21 (15)
"Мінск" — 20 (16)
"Гомель" — 19 (16)
"Граніт" — 17 (16)
"Віцебск" — 16 (16)
МТЗ-РІПА — 15 (15)
"Смаргонь" — 7 (15)