Вартаўнік у Дуброўне забіў калегу за спазненні і ўжыванне алкаголю на працы

Жыхар Дуброўна паспрабаваў схаваць забойства з дапамогай падпалу, паведамляе БЕЛТА. Вартаўнік, які працуе ў мясцовага індывідуальнага прадпрымальніка, нанёс свайму 33-гадоваму калегу некалькі нажавых раненняў і падпаліў вартоўню. Аднак схаваць злачынства не ўдалося. Выкліканыя на месца здарэння выратавальнікі пагасілі падпалены будынак і знайшлі труп мужчыны са звязанымі рукамі.

Падчас следства міліцыянты выйшлі на след злачынца. Прычыны свайго ўчынку 56-гадовы мужчына растлумачыў пастаяннымі спазненнямі і ўжываннем алкаголю калегам на працоўным месцы. Парушэнні працоўнай дысцыпліны, якія ўвайшлі ў звычку, сталі падставай для чарговай сваркі паміж вартаўнікамі, вынікам якой і стала смерць аднаго з іх.