В’етнамцы заключаюць фіктыўныя шлюбы з мінчанкамі, каб застацца ў Беларусі

Фіктыўныя шлюбы з жыхарамі беларускай сталіцы заключаюць в’етнамскія студэнты – хлопцы і дзяўчаты, якія пасля заканчэння ВНУ хочуць застацца жыць у Беларусі.
Вось што распавяла Еўрарадыё загадчыца мінскага гарадскога Дома шлюбаў Надзея Равуцкая:

“У мінулым годзе ў нас 11 шлюбаў заключана з грамадзянамі В’етнама… Ну так, падаецца, што фіктыўныя, бо ў некаторых ёсць розніца ва ўзросце. Але пацвердзіць гэта нічым нельга”.

Здараецца, што мінчанкі на 10 гадоў старэйшыя за в’етнамцаў. Аднак дакументы, якія прадастаўляюцца ў Дом шлюбаў, цалкам адпавядаюць устаноўленым патрабаванням.

Таксама актыўна знаходзяць нявестаў у Мінску грамадзяне Лівана і Афганістана, а таксама Ірана, Іраку, Японіі, Кітаю, Шры-Ланкі, Нігерыі, Індыі і Пакістана.