Віцебскіх апазіцыянераў будуць судзіць за нацыянальны сцяг

Сёння ў Віцебску адбудзецца суд над беспартыйным апазіцыянерам Барысам Хамайдам і сябрам КХП-БНФ Аляксандрам Салаўянам.
Учора каля сямі гадзін вечара іх затрымалі супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС. У апазіцыянераў знайшлі бел-чырвона-белы сцяг і некаторыя рэчы, якія міліцыянты ацанілі як прыстасаванні для вывешвання сцяга.

Актывістаў абвінавачваюць у незаконным пікетаванні. Па словах начальніка Кастрычніцкага РАУС Андрэя Пракаповіча, "пікетаванне" было ў тым, што Хамайда і Салаўян "прыцягвалі ўвагу грамадзян, нешта некуды закідваючы".

Дарэчы, затрыманне адбылося ў цёмны час сутак на мяжы прамысловага і спальнага раёнаў Віцебску, дзе мінакоў амаль не было. Па загадзе начальніка РАУС ноч актывісты правялі ў следчым ізалятары.

Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Віцебск