Віцебскія прадпрымальнікі 1 ліпеня гатовыя спыніць працу і выплату падаткаў
Пра гэта заявіла на прэс-канферэнцыі ў Мінску старшыня аргкамітэта па стварэнні прафсаюзу індывідуальных прадпрымальнікаў "Разам" Ірына Яскевіч.
Па яе словах, якія перадае БелаПАН, у лісце да Аляксандра Лукашэнкі ад імя індывідуальных прадпрымальнікаў гаворыцца пра немагчымасць працаваць ва ўмовах тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза "Пра бяспеку прадукцыі лёгкай прамысловасці". Ён набудзе моц 1 ліпеня.
Нагадаем, што 6 чэрвеня з ініцыятывы Яскевіч прайшоў аднадзённы страйк на шэрагу рынкаў і гандлёвых цэнтраў Віцебску. Па словах актывісткі, прадпрымальнікі не могуць з партыямі тавара ў 5-10 адзінак несці эканамічную нагрузку за сертыфікацыю у амаль 2 мільёны рублёў. Гэта прывядзе да вымывання таннага тавара, развяжа рукі манапалістам, таму што канкурэнцыі не будзе, заяўляе Яскевіч.
Страйкі віцебскіх прадпрымальнікаў гатовыя падтрымаць іх калегі ў іншых гарадах. Пра гэта было заяўлена на сходзе прадстаўнікоў прадпрымальніцкіх аб'яднанняў з Мінску, Маладзечна, Брэста, Гомеля, Віцебску і Магілёва. Ён адбыўся 10 чэрвеня ў сталіцы. Прадпрымальнікі гатовыя сысці ў вымушаныя адпачынкі, а таксама спыніць выплату падаткаў.
Нагадаем, што прадпрымальнікі хочуць, каб за экспертызу тавару адказвалі вытворцы.
Фота — vitebskspring.org