Вольга Гаварцова і Таццяна Пучак выйгралі тэнісны турнір у Ташкенце

Беларускія тэнісісткі Вольга Гаварцова (95-е месца ў парным рэйтынгу) і Таццяна Пучак (63) выйгралі спаборніцтвы дуэтаў на тэнісным турніры ў Ташкенце. Як адзначае БелаПАН, прызавы фонд турніру складаў 220 тыс. долараў ЗША. 26 верасня ў вырашальным матчы беларускія спартоўкі перамаглі сваю суайчынніцу Кацярыну Дзегалевіч (84) і расіянку Віталіну Дзьячэнка (144) — 6:2, 6:7 (1:7), 10:8 (тай-брэйк).

Для 21-гадовай Гаварцовай гэта трэці тытул у парным разрадзе (першы — у 2008 годзе ў Стамбуле з амерыканкай Джыл Крэйбас, другі — на мінулым тыдні ў Гуанчжоў з Таццянай Пучак). Для 30-гадовай Пучак цяперашняя перамога стала шостай. Раней яна перамагала ў 2002, 2003 і 2006 гадах у Ташкенце (з украінкамі Таццянай Перабійніс, Юліяй Бейгельзімер і сваёй суайчынніцай Вікторыяй Азаранка), а таксама ў 2008 і 2009 гадах у Гуанчжоў (з украінкай Марыяй Карытцавай і Вольгай Гаварцовай).

У паўфінале адзінкавага разраду "пасеяная" пад чацвёртым нумарам Гаварцова (73) саступіла другой ракетцы турніру Шахар Пеер з Ізраілю (46) — 6:7 (5:7), 2:6.