Вялікабрытанія прыме ўсіх беларускіх заўзятараў на матчы Беларусь-Англія

Вялікабрытанія зацікаўленая ў найбольшай колькасці беларускіх футбольных заўзятараў на матчы Беларусь-Англія, які ўвосень адбудзецца ў Лондане. Пра гэта паведаміў Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі ды Паўночнай Ірландыі ў Беларусі Найджэл Гулд-Дэвіс. Як інфармуе БЕЛТА, дыпламат адзначыў, што пытанне бясплатных віз для беларускіх футбольных фанатаў не абмяркоўвалася. Бо дабрачынныя акцыі амбасада ладзіць толькі для беларускіх дзяцей, якія прыязджаюць на аздараўленне ў Вялікабрытанію з пацярпелых чарнобыльскіх рэгіёнаў. Разам з тым ён сказаў, што, магчыма, такое пытанне будзе разглядацца.

Амбасадар падкрэсліў, што важнай падзеяй у развіцці беларуска-брытанскіх адносін у мінулым году стаў футбольны матч Беларусь-Англія, які прайшоў у Мінску. Тады ў кастрычніку 2008 года сталіцу Беларусі наведалі больш за тры тысячы англійскіх заўзятараў.