Вынесены прысуд лельчыцкім памежнікам, якія наладзілі п'яны дэбош у кавярні

Старшы лейтэнант асуджаны на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і пазбаўлены права займаць пэўныя пасады з функцыяй прадстаўніцтва улады на тры гады. Як паведамляе БелаПАН, яго прызналі вінаватым у злоўжыванні ўладай і асабліва злосным хуліганстве з пагрозай прымянення зброі.



Яшчэ адзін фігурант справы — старшы сяржант — прысуджаны да пяці гадоў абмежавання волі з накіраваннем у калонію адкрытага тыпу.



Прысуд пакуль не набыў законную моц.



Нагадаем, 16 лістапада 2013 года ў вёсцы Мілошавічы Лельчыцкага раёна два памежнікі наладзілі п'яны дэбош у кавярні. Начальнік мабільнай заставы старшы лейтэнант і ягоны падначалены, старшы сяржант выпівалі з нагоды нараджэння сына ў сям'і сяржанта. Малады вясковы настаўнік зайшоў у кавярню і паглядзеў у бок памежнікаў, якія сядзелі за столікам з непаўналетнімі школьніцамі. Памежнікам гэта не спадабалася, і яны пачалі сварку, да якой далучыліся мясцовыя хлопцы.



У выніку, начальнік заставы выклікаў ўзброеную дапамогу. Яго падначаленыя прыехалі на машыне са зброяй. Пабачыўшы гэта, загадчыца кавярні затэлефанавала ў міліцыю, аднак да страляніны справа не дайшла.



На фота govorim.by — кавярня, у якой адбыўся скандал