Выпускнік універсітэта за 50 тыдняў памяняў 50 прафесіяў у 50 штатах ЗША

Дэніэл Седзікі у пошуках працы за 50 дзён аб’ехаў усю Амерыку. Седзікі пабыў нафтавіком у Тэхасе, дрывасекам у Арэгоне, памежнікам у Арызоне і катляром у Місуры. Што з гэтага выйшла – у рэпартажы Алівіі Хэмптан.
Летась Дэніэл атрымаў дыплом эканаміста і пачаў шукаць працы. 26-гадовы амерыканец пабываў на 40 інтэрв’ю, але не атрымаў ніводнай прапановы на працу. “Я прайшоў праз пекла. Так многа інвеставаў у сваю вучобу і тым не менш не атрымаў нічога. Была вялікая фрустрацыя” – кажа малады чалавек.

Гаспадарка Злучаных Штатаў рэкордным тэмпам губляе рабочыя месцы, і тут не да свежага выпускніка ўніверсітэта. Якраз час на смелы праект, вырашыў Седзікі. У верасні ён рушыў у дарогу з мэтай за 50 тыдняў атрымаць у кожным з 50 штатаў працу.

Падчас эксперыменту ягоныя паслугі адхілілі паміж Атлантыкай ды Ціхім акіянам каля 2000 працадаўцаў. “Але настойлівасць акупляецца”, – кажа Седзікі. У штаце прэрыяў Паўднёвай Дакоце ён начапіў каўбойскую спецоўку і агучваў выступы на радэа, у мармонаў штата Юта выконваў сацыяльную працу, у штаце Арканзас асеў у археалагічным праекце, у Каларада працаваў з вадзяной тэхнікай. Ягоны супраціў лёсу прынес яму прызнанне. Гатовасць пастаяць за сябе ў Злучаных Штатах цэніцца з часоў айцоў-заснавальнікаў.

Прафсаюзны функцыянер Рэндзі Крус з Канзас-Сіці ў штаце Місуры здабыў для Седзікі працу катляра: “Дэн - адзін з найлепш прыстасаваных людзей, якіх я сустракаў”, - кажа Крус. “Яму ў радасць гэтая праца, і людзі, з якімі ён працаваў, таксама радаваліся”.

Седзікі атрымаў за тыдзень 710 долараў (каля 550 еўра) плюс харчаванне і начлег. Крус радуецца, што ад праекта Сідзікі сыходзіць прамень святла ў цёмную часіну: “Я рады, што ён вандруе па краіне і дэманструе, што вось, сапраўды ёсць яшчэ праца.”

Сваім падарожжам па Злучаных Штатах Седзікі якраз хоча паслаць сігнал: “У вас атрымаецца, варта толькі паспрабаваць знайсці нешта новае”. Нават калі кліент пагражае зброяй, як гэта было з ім пад час яго кароткай працы механікам у аўтамайстэрні ў Дэтройце.

“Падарожнічайце і навязвайце кантакты. Імкніцеся паспрабаваць усё” – раіць маладзён такім самым сфрустраваным выпускнікам. Сам Дэніэл Седзікі пагадзіўся з тым, што ягоныя мары ўладкавацца ў прафесійным жыцці пакуль не збудуцца: “Сёння не выпадае быць пераборлівым, асабліва калі ты толькі з’явіўся на рынку працы”.

На здымку:
Дэніэл пасля аднаго са сваіх пералётаў

Пераклаў Павал Грынь