Выйшла кніга пра сацыяльную тапаграфію Гродна ў XVI-XVIII стагоддзях

Гродзенскі гісторык Юрый Гардзееў выдаў у Польшчы кнігу пра сацыяльную тапаграфію Гродна ў XVI-XVIII стагоддзях. Ён даводзіць, што айчынным гісторыкам варта пісаць кнігі пра жыццё беларускіх гарадоў не толькі на падставе вынікаў археалагічных даследаванняў, але і архіўных дакументаў.
Вось што Гардзееў кажа ў інтэрв'ю Еўрарадыё пра сваю кнігу "Магдэбургская Гародня ў XVI-XVIII стагоддзях":

"Гэтая кніжка прысвечана соцыятапаграфіі. Тэматыка абсалютна не даследаваная. Гэта і планіроўка, тое, як забудоўваўся горад. Я пералічваю ўсе вуліцы, апісваю, як выглядала гарадская забудова. Потым пішу пра сацыяльную, прафесійную структуру жыхароў горада".

Паводле словаў Гардзеева, матэрыялы для кнігі ён пачаў збіраць у 90-х, працаваў у архівах Беларусі, Літвы і Польшчы. Ён заклікае і іншых беларускіх даследчыкаў больш актыўна працаваць з архіўнымі зборамі пры напісанні падобных працаў:

"У нас у Беларусі праблема, што кніжкі пішуцца на падставе археалагічных матэрыялаў. Раскопкі правялі, знайшлі посуд, чаравікі і г. д. Мала хто ў Беларусі працуе ў архівах".

Прэзентацыя кнігі Юрыя Гардзеева ў Гродне адбудзецца 21 траўня.