Яцэк Пратасевіч: Шмат гадоў Беларусь была менш важная для ЕС чым Зімбабве

У інтэрв’ю Еўрарадыё кіраўнік дэлегацыі па справах Беларусі ў Еўрапарламенце распавёў пра тое, што еўрадэпутаты застануцца самымі прынцыповымі апанентамі сённяшніх беларускіх уладаў, пра тое, як у Еўропе змянілася стаўленне да нашай краіны і пра свае беларускія карані. Польскі еўрадэпутат Яцэк Пратасевіч быў паўторна абраны на пасаду кіраўніка дэлегацыі па справах Беларусі ў Еўрапарламенце. Чаго дасягнулі еўрапейскія дэпутаты і ці прызнаюць яны беларускіх калегаў? На гэтыя ды іншыя пытанні Яцэк Пратасевіч адказаў у інтэрв’ю Еўрарадыё.

Еўрарадыё: “Наколькі важнае для Вас асабіста паўторнае абранне на пасаду кіраўніка дэлегацыі па справах Беларусі ў Еўрапарламенце?”

Яцэк Пратасевіч: “Вядома ж, я хацеў працягваць тую працу, якую распачаў у папярэдні тэрмін — кіраванне беларускімі справамі ў Еўрапарламенце. Балазе, я маю добрае разуменне сітуацыі ў Беларусі. Маю вызначаную пазіцыю, у якім кірунку палітыка Еўропы ў дачыненні да Беларусі мусіць быць скіраваная. Але, нягледзячы ні на што, маю асабістыя сімпатыі да Беларусі. Вялікая частка маёй сям’і паходзіць адтуль — з-пад Баранавічаў. Там у 1941 годзе нарадзіўся мой бацька. Уся мая сям’я па бацькоўскай лініі нарадзілася ў Беларусі і мае беларускае паходжанне”.

Еўрарадыё: “Што атрымалася за папярэдні тэрмін і чаго гэтак і не здолелі дасягнуць?”

Яцэк Пратасевіч: Атрымалася зрабіць з тэмы вольнай дэмакратычнай Беларусі важную тэму для Еўрапейскага парламента і ўсяго Еўрасаюза. Цягам многіх гадоў Беларусь як сусед Еўрапейскага Саюза была менш важная за справы на Кубе ці ў Зімбабвэ і Шры-Ланцы. І еўрапарламентарыі, найперш заходнія, мелі такое памылковае ўяўленне, што Беларусь — гэта дэ-факта частка Расіі. А таму Еўрасаюзу нібыта і няма чаго лезці ў беларускія справы. Удалося гэткую пазіцыю змяніць.

Сёння пераважная большасць еўрапарламентарыяў разумее, што гэта суверэнная дзяржава, незалежнасць якой трэба падтрымліваць. Бо ў гэтым воля большасці беларусаў і інтарэс уласна Еўрасаюза. Таксама ўдалося ўзняць на вельмі высокі ўзровень справы беларускіх апазіцыянераў. Аляксандр Мілінкевіч атрымаў узнагароду Сахарава. Аляксандр Казулін летась таксама быў на яе намінаваны і меў вельмі добрыя шанцы, каб яе атрымаць. То бок, мы звярнулі ўвагу публічнай думкі на Захадзе, што ў Беларусі існуе праблема парушэнняў правоў чалавека, фальсіфікацыі выбараў і абмежавання свабоды слова. Бо таксама і Беларуская асацыяцыя журналістаў на чале з Жанай Літвіной атрымала прэмію Сахарава.

Што не атрымалася? За гэты перыяд мы не здолелі, аднак, пераканаць беларускія ўлады ў тым, што варта адкрыцца для палітычных і эканамічных рэформаў. Менавіта дэмакратыя і вольны рынак з’яўляюцца умовай добрага шчыльнага супрацоўніцтва паміж Еўрасаюзам, Захадам, і Беларуссю.

Еўрарадыё: Чаго чакаць далей ад Еўрапарламента? Ці застанецеся і надалей прынцыповымі апанентамі беларускіх уладаў альбо далучыцеся да працэсу пацяплення беларуска-еўрапейскіх адносін?

Яцэк Пратасевіч: Напэўна, сярод еўрапейскіх структур Еўрапарламент застанецца вартаўніком дэмакратычных каштоўнасцяў, найбольш прынцыповым і цвёрдым.

Гэта азначае, што нашае бачанне адносінаў Беларусі і Еўрасаюза не з’яўляецца перспектывай праз real politic, перспектывай праз гаспадарчае супрацоўніцтва. Таму што мы сабе вызначаем за мэту цвёрдае дамаганне таго, каб разам з рэформамі эканамічнымі і больш шчыльнымі палітычнымі кантактамі паміж Захадам і Беларуссю — каб разам з гэтым усім адбывалася дэмакратызацыя, шанаванне правоў чалавека і свабоды слова ў Беларусі.

І за гэтым будзем сачыць як еўрапарламентарыі, не блакуючы пры гэтым саміх працэсаў супрацоўніцтва. Бо мы ў Еўрапарламенце разумеем, што чым больш Беларусь супрацоўнічае з Захадам, тым большая ёсць верагоднасць таго, што пераканаем, што заходні шлях не з’яўляецца дрэнным рашэннем і не з’яўляецца пагрозай для якой-небудзь улады.

Аднак адчуваем сваю ролю ў тым, каб не дапусціць далейшых арыштаў, рэпрэсій, яшчэ большага абмежавання дзейнасці палітычных партый і няўрадавых арганізацый — наадварот, будзем імкнуцца, каб гэты дэмакратычны абшар у Беларусі пашырыўся.

Еўрарадыё: “Як збіраецеся сачыць за працэсамі ў Беларусі, калі гэтак рэдка наведваеце нашу краіну? Вы нават беларускія візы з цяжкасцю атрымліваеце…”

Яцэк Пратасэвіч: Рэдка атрымліваем візы, бо яшчэ зусім нядаўна беларускія ўлады бачылі ў еўрапарламентарыях сваіх найбольш зацятых ворагаў. Аднак мы не з’яўляемся ворагамі ані спадара Лукашэнкі, ані спадара Сідорскага. Мы з’яўляемся праціўнікамі палітычнай сістэмы, якую яны стварылі і дзякуючы якой яны займаюць свае высокія пасады.

Калі спадар Аляксандр Лукашэнка будзе абраны прэзідэнтам на дэмакратычных выбарах, будзем шанаваць яго як дэмакратычнага лідэра беларускага народа. Але пакуль дэмакратычных выбараў няма, мы не маем пэўнасці ў тым, што ён падтрыманы большасцю беларусаў. Аніякіх запэўніванняў і назіральнікаў не дастаткова — павінны адбыцца дэмакратычныя выбары!

І, па-другое, мы рэдка ездзім у Беларусь, бо вельмі часта беларускія ўлады, калі візіт ужо амаль быў падрыхтаваны, выстаўлялі свае ўмовы. Да прыкладу, каб у межах візіту дэлегацыі па справах Беларусі ў Еўрапарламенце ў Мінску адбылася сустрэча з кіраўніцтвам беларускага парламента.

Гэтая сустрэча мусіла б мець афіцыйны характар, транслявацца на дзяржаўных тэлеканалах. А мы гэтага не хочам і не можам, згодна як з нашымі перакананнямі, гэтак і з нашымі рэзалюцыямі.

Мы не прызнаем гэты парламент за абраны законна і дэмакратычна. А таму не хочам, каб нашыя сустрэчы былі прэзентаваныя праз дзяржаўную прапаганду як легітымацыя, як прызнанне таго, што гэты парламент з’яўляецца сапраўдным і дэмакратычным прадстаўніком волі беларускага народа.

Бо мы не супраць уласна парламента альбо асобаў, якія ў ім знаходзяцца. Але хацелася б, каб яны былі абраныя шляхам дэмакратычных выбараў.