Я.Гутаровіч стаў чэмпіёнам Беларусі па веласпорце на шашы ў групавой гонцы

Групавымі гонкамі 28 чэрвеня завяршыўся чэмпіянат Беларусі па шашэйных велагонках, які праходзіў на праспекце Пераможцаў у Мінску. Апошні камплект медалёў быў разгуляны прадстаўнікамі мужчынскай элітнай катэгорыі. Чэмпіёнам краіны ў групавой гонцы на 200 км стаў 24-гадовы Яўген Гутаровіч, які прадстаўляе мінскі клуб "Інпарк-Мінск". Гутаровіч апярэдзіў такіх спрактыкаваных адмыслоўцаў спрынту, як Аляксандр Кучынскі ("Балтранс-Віцебская вобласць") і Аляксандр Усаў ("Інпарк-Мінск"), якім дасталіся "срэбра" і "бронза".

Пераможца леташняй групавой гонкі Браніславаў Самойлаў сыйшоў з дыстанцыі. А трыўмфатар прайшоўшай 26 чэрвеня індывідуальнай гонкі Андрэй Куніцкі фінішаваў услед за прызёрамі.

Апроч Гутаровіча, Кучынскага, Усава, Самойлава і Куніцкага да выступу ў групавой гонцы на Алімпіядзе-2008 у Пекіне рыхтуецца і Канстанцін Сіўцоў, які не прымаў удзелу ў чэмпіянаце Беларусі. У складзе амерыканскай каманды "Хай Роўд" ён вядзе горную падрыхтоўку да самай прэстыжнай велашматдзёнкі свету "Тур дэ Франс", якая стартуе 5 ліпеня. З гэтых шасці кандыдатаў для ўдзелу ў Гульнях трэнерскаму штабу трэба адабраць траіх. І, улічваючы вынікі чэмпіянату Беларусі, выбар можа быць нялёгкім, бо пераможца Гутаровіч пакуль лічыцца сярод запасных, а галоўнымі прэтэндэнтамі з'яўляюцца Сіўцоў, Усаў і Кучынскі.

У моладзевай катэгорыі да 23 год пераможцам групавой гонкі стаў 20-гадовы Сяргей Папок ("Інпарк-Мінск"), якому 26 чэрвеня не было роўных і ў індывідуальнай гонцы.

Жаночую групавую гонку выйграла Таццяна Шаракова ("Балтранс- Віцебская вобласць"), якая двума днямі раней стала лепшай і ў індывідуальнай гонцы.

БелТА