Якаўлеўскі: Затрыманню літоўскага паліцыянта папярэднічаў шэраг скандалаў

Затрыманне афіцэра коннай паліцыі Лайманаса Банкаўскаса можа прывесці да ўскладнення адносінаў паміж Беларуссю і Літвой. Да такой высновы ў размове з Еўрарадыё прыйшоў эксперт у беларуска-літоўскіх узаемаадносінах Раман Якаўлеўскі. І звярнуў увагу на шэраг падзей апошняга часу. Якаўлеўскі: “Я нагадаю, што да сённяшняй навіны з’явілася інфармацыя пра затрыманне ў Літве літоўскага грамадзяніна, які вёз у Беларусь 100 кілаграмаў гашыша. Нейкім чынам сённяшняя навіна супала дзень у дзень з падпісаннем паміж двума бакамі дамоўленасці аб транзіце нафты. І яшчэ адна нядаўняя падзея – як беларускім памежнікам спрабавалі літоўскія бізнэсмены хабар даць. Пра гэта вельмі гучна давалі інфармацыі беларускія медыі”.

Але асаблівую ўвагу эксперт звярнуў на праблему з падпісаннем дамовы пра ільготны памежны рух паміж нашымі краінамі. На думку Якаўлеўскага, скандал з затрыманнем літоўскага паліцыянта можа ўзмацніць аргументацыю беларускага боку, якая б тлумачыла затрымкі з падпісаннем гэтага дакумента.