Янукевіч не выключае, што ўлады пойдуць на ліквідацыю апазіцыйных партый
Паведамляе БелаПАН.
Лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч не выключае, што ўлады могуць пайсці на ліквідацыю апазіцыйных палітычных партый. Пра гэта ён заявіў 15 студзеня на пасяджэнні сойма партыі.
Паводле інфармацыі Янукевіча, цяпер у Адміністрацыі прэзідэнта гэта пытанне разглядаецца ў якасці дыскусійнага.
Палітык паведаміў, што ў Міністэрстве юстыцыі пасля выбараў цікавіліся, ці прымала Партыя БНФ рашэнне пра ўдзел у несанкцыянаваных вулічных мерапрыемствах. Акрамя таго, вялікая верагоднасць, што не будзе працягнуты дагавор арэнды памяшкання, дзе размяшчаецца цэнтральны офіс партыі.
"Магчыма, улады не пойдуць на ліквідацыю апазіцыйных партый. Але не выключана, што нам прыйдзецца дзейнічаць у новых нязручных умовах", — сказаў Янукевіч.
Палітык таксама лічыць, што рэпрэсіі з боку ўлады сведчаць пра яе нестабільнасць. "Сваімі жорсткімі дзеяннямі ўлада імкнецца вярнуць сабе пачуццё ўпэўненасці ў кантролі над сітуацыяй у краіне. Але, упэўнены, гэтым яна толькі набліжаецца да свайго краху", — сказаў Янукевіч.