Яраслаў Раманчук: "Гэта такая негалосная амністыя капіталу"

Адзіная лінейная стаўка падаходнага падатку ў памеры 12% можа быць уведзеная ў Беларусі ад пачатку 2009 года. Пра гэта заявіў першы намеснік міністра фінансаў Андрэй Харкавец.  Паведамляецца, што новаўвядзенне "не прывядзе да росту падаткавай нагрузкі на грамадзян з нізкім і сярэднім узроўнем даходаў". 

Эканаміст Яраслаў Раманчук кажа, што гэта можа быць адна з найбольш паслядоўных рынкавых мер, якія прапанаваў урад:

"Я думаю, што гэта будзе спрыяць паніжэнню падаткавай нагрузкі, але найперш знізіць кошт утрымання падаткавай сістэмы. Такім чынам можна будзе знізіць іншыя падаткі, якія існуюць у нашай краіне".


Таксама Раманчук мяркуе, што адна з мэтаў новаўвядзення - гэта спроба вывесці з ценю багатых беларусаў, якія шукалі паратунку ад высокіх падаткаў нават у Расіі, і павялічыць паступленні ў бюджэт:

"Гэта такая негалосная амністыя капіталу, якую яны робяць. Відаць зразумелі, што іншымі шляхамі - запалохваннем, застрашэннем гэтых людзей з ценю не выманіш".