Ярмошына: Жаданне назіральнікаў застацца на ноч на ўчастку — правакацыя

Скаргі назіральнікаў на тое, што ім забараняюць заставацца на ноч на выбарчых участках, каб ахоўваць скрыні з бюлетэнямі — мэтанакіраваная правакацыя. Такую пазіцыю Цэнтрвыбаркама па гэтым пытанні агучыла сёння старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.
Лідзія Ярмошына: “Самая галоўная скарга, што назіральнікам не даюць магчымасці начаваць на выбарчых участках. Аднак, ім ніхто і не павінен прадастаўляць такія магчымасці, бо Цэнтральная камісія прыняла адназначную пастанову па гэтым пытанні. Таму ўсе спробы застацца на ноч у памяшканні участковай камісіі, каб ахоўваць скрыню з бюлетэнямі — гэта не больш і не менш, як запланаваная правакацыя. Прычым людзі, якія гэта ажыццяўляюць, выдатна ведаюць, што яны паступаюць супрацьзаконна”.

Паводле Ярмошынай, прыйшлі і два звароты ў ЦВК наконт прымусу ісці галасаваць датэрмінова. Зараз, па яе словах, яны правяраюцца. Больш ніякіх зваротаў наконт парушэнняў у ЦВК няма. Таму, на думку старшыні, выбарчая кампанія праходзіць спакойна, нягледзячы на спробы асобных кандыдатаў у прэзідэнты і іх прыхільнікаў гэтую сітуацыю “раскачаць”.