Яўка ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы вышэй, чым у першым

Яўка ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы вышэй, чым у першым, перадае польскі Дзяржвыбаркам. Да 8-й гадзіны раніцы прагаласавала больш за 2,5% выбарцаў (у першым туры гэтая лічба складала толькі 1,8%). Найбольш актыўна галасуюць жыхары ўзбярэжжа Балтыйскага мора. Напрыклад, у мясцовасці Устронь Морскі кожны пяты выбарца аддаў свой голас ужо а 8-й раніцы. Праўда, многія з іх з'яўляюцца турыстамі.

Вялікія чэргі за бюлетэнямі назіраліся і ў курортным горадзе Рэваль. У першым туры там прагаласавала ажно 82% выбарцаў. Сёння мясцовая камісія рыхтуеца да чарговага штурма турыстаў, якіх на ўчастках будзе ў 3 разы больш, чым мясцовых жыхароў. Каб сёлетнія выбары засталіся ў памяці людзей, ўлады горада для кожнага падрыхтавалі падарункі. Кожны дарослы атрымае асадку з памятным напісам, кожнае дзіця — цукерку, а кожны соты выбарца — кашульку з лагатыпам горада.

Ужо аддалі свае галасы і абодва кандыдаты ў прэзідэнты. Яраслаў Качыньскі прыйшоў на выбарчы ўчастак у Варшаве разам з пляменніцай і яе дочкамі. А Браніслаў Камароўскі разам з жонкай аддалі свае галасы мясцовасці Мацькова Руда, што ў паўночна-усходняй Польшчы. Прагаласваў ужо і прэм’ер Дональд Туск, праўда за бюлетэням яму прыйшлося адстаяць у невялікай чарзе.