Юрась спяшаўся ў рэктарат дзеля падзякі, а атрымаў загад аб адлічэнні

16 траўня з Акадэміі кіравання пры прэзідэнце РБ быў адлічаны студэнт 4-га курса факультэта эканомікі Юрась Алейнік. Фармальнай прычынай для адлічэння сталі, нібыта, “парушэнні вучэбнай дысцыпліны і правілаў унутранага распарадку”.
Для хлопца, які скончыў школу з залатым медалём, пры паступленні набраў 27 балаў з 30 магчымых і не меў запазычанасці па іспытах і экзаменах, гэта стала сапраўднай нечаканасцю. Тым больш, што, па словах Юрася Алейніка, ніякіх папярэджанняў аб магчымых санкцыях яму не паступала.

Юрась Алейнік: “Я з самай раніцы прыйшоў у Акадэмію. У нас была гульня па валейболе. Чэмпіянат акадэміі, чвэрцьфінал. Я гуляў за факультэт. Мне патэлефанаваў хтосьці з аднагрупнікаў і сказаў, каб я як мага хутчэў бег у дырэкцыю. Так у шортах і кашулі пабег. Прычым у нармальным настроі. Думаў – можа, падзяку нейкую выкажуць ці ўзнагародзяць за вучобу альбо за спартовую дзейнасць”.

Але замест падзякі студэнту паказалі загад аб адлічэнні, падпісаны ўчорашнім днём. Даведаўшыся пра гэта, сябры Юрася пайшлі па аўдыторыях, збіраючы подпісы ў яго падтрымку. Яшчэ да вечара свае подпісы пакінулі каля 250 чалавек.

Памочнік рэктара акадэміі Сяргей Сабалеўскі не адмаўляе таго, што Юрась Алейнік вельмі здольны да навукі чалавек. Але ніякі талент не пазбаўляе ад вучэбнай дысцыпліны. Па словах Сяргея Сабалеўскага, Юрась са сваімі 36 гадзінамі пропускаў (па падліках Юрася, такіх гадзінаў - 22) проста патрапіў пад гарачую руку.

Сяргей Сабалеўскі: “За месяц да адлічэння Юры быў прызначаны новы дырэктар інстытута. І сярод камандаў, якія яму далі падчас прызначэння, была каманда навесці парадак з наведваннем заняткаў. Можа быць, Юру проста не пашчасціла, і менавіта ў гэты месяц ён стаў прапускаць”.

Што тычыцца подпісаў, то памочнік рэктара сцвярджае, што студэнты дакладна не ведалі, за што Алейніка адлічалі. Думалі, проста крыўдзяць добрага хлопца. Але ім усё “патлумачылі”, і частка подпісы забрала.

Сяргей Сабалеўскі: “Калі сабралі старастаў на чарговым старастаце і сказалі: “Вось у вас людзі падпісваюць такія рэчы, а ці ведаюць, за што канкрэтна яго адлічылі?” Ім паказалі канкрэтныя дакументы, яны расказалі ў групах, і людзі пайшлі забіраць свае подпісы”.

Па словах Марыі Уласавай, якая вучыцца з Юрасём на суседніх плынях, частка студэнтаў сапраўды забрала свае подпісы. Але па іншых, чым прывёў памочнік дэкана, прычынах.

Марыя Уласава: “Канкрэтна старасце маёй групы сказалі, што яна не здасць сесію, калі не забярэ свой подпіс. І ў выніку хто забіраў, хто не забіраў. Але вынік не вельмі памяняўся. Толькі чалавек 30 забралі. Некалькіх чалавек, якія подпісы збіралі, выклікалі ў дэканат і намякалі, што яны могуць працягваць вучобу ў іншых ВНУ”.

4 чэрвеня адлічаны студэнт падаў зыскавую заяву ў суд Кастрычніцкага раёна на сваю навучальную ўстанову. Юрась сцвярджае, што парушаныя яго канстытуцыйныя правы і яго дыскрымінуюць па палітычных матывах. Але памочнік рэктара Сяргей Сабалеўскі абвяргае гэтыя абвінавачванні. Згодна з яго словамі, у Акадэміі нават вітаюць людзей з актыўнай грамадзянскай і палітычнай пазіцыяй.

Сяргей Сабалеўскі: “Акадэмія акурат і спрабуе выхоўваць людзей, для якіх наша краіна не абыякавая. Якія хочуць зрабіць штосьці для таго, каб у ёй стала лепш жыць. Яго погляды на тое, як гэтага дасягнуць, – гэта толькі яго асабістая справа”.

Студэнтка Акадэміі Марыя Уласава кажа, што яны разам з аднакурснікамі абавязкова прыйдуць на суд, каб падтрымаць Юрася.