Юрый Шаўцоў: Заяву Кудрына абвяргае Міжнародны валютны фонд

У заяве Кудрына пра неплацежаздольнасць Беларусі няма палітычнага адцення, мяркуе палітолаг Юрый Шаўцоў. На яго думку, міністр фінансаў Расіі банальна лабіруе эканамічныя зацікаўленасці сваёй краіны.
Юрый Шаўцоў: “Я тут не бачу следу Паўднёвай Асетыі і Абхазіі. Аргументацыя Кудрына не палітычная, а эканамічная. Яна сыходзіць з вуснаў міністра, які ніколі палітычнымі пытаннямі не займаўся. Таму я разглядаў бы гэта выказванне ў кантэксце поглядаў Кудрына на беларускую фінансавую сістэму. А ці правільна яе Кудрын ацэньвае? Я думаю, не”.

На думку палітолага, выказванні Кудрына фактычна абвяргае Міжнародны валютны фонд, дзе не лічаць, што эканоміка Беларусі вось-вось зруйнуецца.

Юрый Шаўцоў:
“Такога кшталту заключэнняў МВФ не даваў. Больш за тое МВФ дае грошы. Таму мне падаецца, што Кудрын такімі выказваннямі лабіруе нейкія эканамічныя зацікаўленасці Расіі падчас перамоваў з Беларуссю”.

Як вядома, МВФ таксама зараз разважае, даваць Беларусі наступны транш крэдыту з абяцаных 2,5 мільярдаў долараў ці не даваць.

“У МВФ іншая логіка,
— разважае Шаўцоў. — Там гаворка вядзецца пра патрабаванні дэвальвацыі і іншых рэчаў, якія тычацца хутчэй рэформаў. Таму што крэдыт МВФ фармальна ідзе на праграму 15-месячнай праграмы эканамічнага рэфармавання. А вось ужо каб МВФ ацэньваў настолькі негатыўна беларускую сітуацыю аж да дэфолту, такога з іх боку ніколі не гучала”.