З ізалятара на Акрэсціна вызваляюць удзельнікаў акцыі 19 снежня

Людзі дзякавалі за перадачы, казалі, што ўсё даходзіла. А тыя, чые вокны выходзілі на вуліцу, нават маглі бачыць родных і сяброў, якія прыходзілі падтрымаць сваіх блізкіх.

Антону з Гомелю перадавалі нават лісты, загорнутыя ў туалетную паперу.

Антон: “Пісала знаёмая з Мінску – што рабіць, калі выйду, што ёсць дзе пераначаваць… Я сам з Гомелю, спецыяльна прыехаў на плошчу. Нас з Гомелю было шмат людзей.

Шмат людзей прыходзіла, я гэта бачыў. Перадачкі нам перадавалі амаль кожны дзень. Было вельмі прыемна. І знаёмыя перадавалі, і незнаёмыя. Мая дзяўчына з Гродзенскай вобласці прыязджала. Было вельмі прыемна яе бачыць, махаў ёй…”.


Людзей выпускалі па 2-3 чалавекі. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла валанцёрка Дар'я Каткоўская.

Акрамя таго, выязджалі тры аўтазакі, і толькі за адным з іх удалося прасачыць. Ён заехаў да Дома правасуддзя на вуліцы Сямашкі, дзе і знаходзіцца цяпер.

"З Акрэсціна толькі што вывезлі аўтазак у суправаджэнні УАЗіка. Падазраем, што людзей пачалі вывозіць у горад",- паведаміў слухач Еўрарадыё. 

Супрацоўніца ўправы Партыі БНФ паведаміла Еўрарадыё, што паводле інфармацыі валанцёраў, аўтазак сапраўды выехаў."Цяпер яны спрабуюць адсочваць маршруты наступных аўтазакаў, каб ведаць, куды вывозяць тых, каго вызваляюць", дадала супрацоўніца ўправы.

Валанцёрка Алёна распавяла ў жывым эфіры Еўрарадыё, што сустракаць людзей планавалі ад 18-й гадзіны. "Але дзяжурствы будуць ужо ад 12-й, бо ўсе разумеюць, што вызваляць пачнуць раней. Агулам выпусціць мусяць 250-300 чалавек".

І сапраўды, а 17-й гадзіне з'явіліся звесткі, што частку затрыманых вывезлі ў сталічны раён Каменная Горка і выпусцілі там. 

Распавялі затрыманыя і пра ўмовы, у якіх іх утрымлівалі. Тым, хто сядзеў у новым корпусе, пашчасціла.

Антон: “Тут умовы былі яшчэ нічога, ставіліся больш-менш нармальна, як і да ўсіх. Мы не былі нейкім выключэннем. Ежа не вельмі прыемная: каша нейкая, незразумела што… Апошнія пару дзён два разы на дзень паелі, а ўвечары ўжо проста вылівалі ў прыбіральні. Тусавалі камеры, пераводзілі людзей з адной камеры ў іншую”.

Пра тое, што тусавалі людзей, кажа і іншы затрыманы Дзмітрый:

“Людзей часта тусавалі, перакідвалі з камеры ў камеру, за дзень чалавек мог пасядзець у дзвюх камерах. Нам не тлумачылі, для чаго гэта робіцца. Мяне, дзякуй богу, не чапалі, мы шэсць чалавек увесь час прасядзелі разам”.


Еўрарадыё: Па колькі чалавек сядзела ў камеры?

Дзмітрый: “Усюды па-рознаму — колькі спальных месцаў. Я быў у новым корпусе, у нас там было ў камеры 6 чалавек, дзесьці — 5, было па чатыры і тры… У той камеры, дзе быў я, нам пашчасціла: яна была даволі вялікая. На першым паверсе было халаднавата. Пасля перасялілі на чацвёрты, там ужо было цёпла, былі коўдры і матрасы…”

Еўрарадыё: Ці даходзілі вам перадачы?

Дзмітрый“Так, даходзілі, было вельмі прыемна, таму што перадавалі нават невядомыя людзі – мне, напрыклад, з Малілёва хтосьці перадаў. Было зразумела, што нас падтрымліваюць, усё даходзіла…”

Еўрарадыё: Ці дзяліліся вы перадачамі са сваімі сукамернікамі?

Дзмітрый
“Усім дзяліліся. Быў агульны стол, і калі хтосьці штосьці атрымоўваў, то гэта клалі на агульны стол, дзяліліся. Напрыклад, у нас быў адзін апельсін, якія трапіў да нас невядома якім чынам, таму што прадукты перадаваць было нельга – толькі ваду і цёплыя рэчы… Але мы гэты апельсін падзялілі на шасцярых, усё было сумленна”.

Еўрарадыё: Ці аказвалі дапамогу лекары тым людзям, якія пацярпелі?

Дзмітрый
“Вядома, што аказвалі, але не аператыўна. Напрыклад, знаёмаму паламалі ладыжку, ён звярнуўся – сказаў, што ў яго вельмі моцна баліць нага, распухла. Дзесьці толькі праз дзве гадзіны прыехала “хуткая”, забрала яго, і ўжо там наклалі гіпс. То бок дапамога аказвалася, але не так хутка, як яна была патрэбная”.

Еўрарадыё: А якія вы чыталі газеты?

Дзмітрый: “Што траплялася, што перадавалі. У асноўным там у нас аднаму хлопцу перадавалі "Прэсбол" і "Камсамольскую праўду". Перадавалі кнігі Быкава, Біблію… Было што пачытаць, але гэта ўжо было дзесьці на суткі трэція”.

Нагадаю, што большасць вязняў выйдуць з ізалятара на Акрэсціна, яшчэ некалькі дзясяткаў будуць вызваленыя з Мінскага раённага ізалятара, дзе трымаюць дзяўчат і жанчын, а таксама з Жодзінскага СІЗА.

У Жодзіна вызваленых сустракаць будуць некалькі аўтобусаў, шмат аўтамабіляў.