З незалежнай журналісткі здзекваліся, а пасля прысудзілі на 10 сутак (аўдыё)
Асуджаная на 10 сутак незалежная журналістка Таццяна Бублікава паспела
пракаментаваць свой прысуд у будынку суда, перад тым, як яе павезлі ў
ізалятар.
Таццяна патрабавала, каб у адпаведнасці з законам пратакол
аб затрыманні 19 снежня быў неадкладна складзены. Але яго яна атрымала
толькі а 10-й раніцы перад уваходам у аўтазак, які павёз людзей да суда.
Вось што распавядае Таццяна Бублікава пра тое, што адбывалася ў дзяжурнай частцы:
"Яны гвалтоўна ўзялі ў мяне адбіткі пальцаў, у мяне нават і зараз рука
баліць.. Хацелі гвалтоўна рабіць відэа- і фотаздымкі. Здзекваліся,
была жудасная працэдура. У памяшканні, дзе бралі адбіткі пальцаў,
было каля 15 міліцыянтаў, усе хіхікалі і хахакалі, паводзілі сябе як
скаты..
А тое, што тут адбываецца [у судзе — заўвага Еўрарадыё], гэта
хіба дэмакратыя ў параўнанні з тым, што я перажыла ноччу і раніцай. 10
сутак.. Можа я зараз такая стомленая, ці ўжо так наздзекваліся з маёй
асобы, што я проста радая, што новы год буду сустракаць дома, а не ў
турме (стрымлівае слёзы)".
20 снежня ў мінскіх судах адбыліся сотні працэсаў над затрыманымі ў
цэнтры Мінска 19 снежня. Яшчэ аднаго незалежнага журналіста, Цімафея Каспяровіча, засудзілі на 12 сутак арышту.