З пачатку 2010 года будзе спрошчаны перавод жылых памяшканняў у нежылыя

У Беларусі спрошчаны перавод жылых памяшканняў у нежылыя. Як паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі, "дакумент прыняты ў адпаведнасці з запланаванымі мерапрыемствамі па лібералізацыі ўмоваў здзяйснення эканамічнай дзейнасці", а таксама накіраваны на стварэнне "дадатковых спрыяльных умоваў для здзяйснення прадпрымальніцкай дзейнасці". Указам кіраўніка дзяржавы прадугледжваецца магчымасць пераводу жылых памяшканняў, размешчаных у аднакватэрных жылых дамах, а таксама на першых паверхах шматкватэрных дамоў, у нежылыя. Рашэнне аб такім пераводзе будуць прымаць мясцовыя ўлады.

"Интерфакс" адзначае, што ўласнікі такіх памяшканняў змогуць размяшчаць там арганізацыі і выкарыстоўваць плошчу ў прадпрымальніцкай дзейнасці. Указ набудзе моц праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання.