З сельскага клуба на Гомельшчыне скралі творы вядомых беларускіх мастакоў

З культурна-спартовага цэнтра вёскі Рассвет Акцябрскага раёна на Гомельшчыне скрадзеныя тры карціны вядомых беларускіх мастакоў Леаніда Шчамялёва, Ягора Батальёнка і Мікалая Цурыкава. Невядомы трапіў у памяшканне, выбіўшы дзверы склепа. Тры карціны — "Князь-возера" пэндзля Шчамялёва, "Поўдзень" Цурыкава і "Зімовы вечар" Батальёнка — знаходзіліся на складзе. Зламыснік выразаў нажніцамі палотны з рамак і ўцёк.

Працы былі набытыя ў савецкія гады мясцовай гаспадаркай і некалькі гадоў таму перададзеныя на баланс аддзела культуры райвыканкама. На месцы здарэння былі выяўленыя след абутку і частка нажніц, вядзецца следства. У мясцовым клубе паведамілі, што карціны былі набытыя ў канцы 80-х старшынёй мясцовага калгасу-мільянера. У клубе адзначылі, што, да прыкладу, карціна "Князь-возера" Шчамялёва была нядаўна ацэненая ў 6 мільёнаў рублёў.

Як паведамляе БелаПАН, міліцыя пачала крымінальную справу за крадзеж.