З восені жыхары Брэста і Гродна змогуць ездзіць у Польшчу без візы?

Плануецца, што візы заменіць спецыяльны пропуск, які будуць выдаваць на 2 гады. Беларусы, магчыма, ужо восенню змогуць ездзіць у Польшчу без візы. Двухбаковыя перамовы паміж нашымі краінамі на гэты конт ідуць вельмі інтэнсіўна, паведаміла Еўрарадыё супрацоўніца Аддзела інфармацыі Генеральнага консульства Польшчы ў Брэсце Альжбета Ксёнжэк:

Альжбета Ксёнжэк: “Зараз ідуць вельмі інтэнсіўная праца над гэтым пагадненнем. Нашы консульствы рыхтуюцца да таго, каб восенню можна было ўжо выдаваць неабходныя дакументы”.

Па словах кіраўніка прэс-службы Памежнага камітэта Беларусі Аляксандра Цішчанкі, плануецца, што бязвізавы рэжым распаўсюдзіцца на прыгранічную 30-кіламетровую зону. У яе з беларускага боку трапяць Брэст і Гродна.

Аляксандр Цішчанка: “Гэта ў асноўным Гродзенскі, ды Свіслацкі раёны па Гродзенскай вобласці, а па Брэсцкай вобласці ў гэтую катэгорыю ўваходзяць Камянецкі і Брэсцкі раёны”.

Па Польшчы беларусы змогуць ездзіць не далей за 30 кіламетраў ад мяжы. А гэта такія гарады і мястэчкі як Тэрэспаль, Бяла Падляска, Гайнаўка і Саколка. Магчыма, што ў зону бязвізавага руху трапяць і іншыя месцы. Поўны пералік гарадоў з’явіцца толькі пасля падпісання афіцыйнага пагаднення.

Замест візы жыхарам памежнай зоны будуць выдаваць спецыяльныя 2-гадовыя пропускі. Аднак і за іх трэба будзе заплаціць. Колькі, пакуль невядома, таму што канчатковае пагадненне краіны яшчэ не падпісалі.

Генеральнае консульства Польшчы папярэджвае, што атрымаць пропуск могуць толькі жыхары, якія цягам 2 гадоў жывуць у прыгранічнай 30-кіламетровай зоне:

Альжбета Ксёнжэк: “Асобы, якія ўжо 2 гады і больш жывуць на прыгранічнай тэрыторыі, могуць звярнуцца да нас за пропускам з дакументам, які пацвярджае прапіску”.

Ніякіх дадатковых праверак, акрамя памежнага кантролю, польскі бок арганізоўваць не будзе. Аднак тых, хто ў Польшчы заедзе далей за 30 кіламетраў ад мяжы будуць жорстка караць.

Па словах Альжбеты Ксёнжак, могуць не толькі дэпартаваць, а яшчэ і на 5 гадоў пазбавіць права ўезду:

Альжбета Ксёнжэк: “Выхад за прыгранічную зону — гэта учынак, які падлягае дэпартацыі і пазбаўленню права на ўезд. На які час, вырашае памежная служба, але часцей за ўсё вызначаецца тэрмін 5 гадоў”.

Двухбаковая дамова ўжо падрыхтаваная і цяпер знаходзіцца на ўзгадненні ў Еўрапейскай камісіі ў Бруселі. Пра гэта распавялі ў беларускім консульстве ў Белай Падлясцы.

Як раней паведамляла Еўрарадыё, лягчэй стане ездзіць беларусам і ў Літву. Толькі там бязвізавая зона расцягнецца на 50 кіламетраў у абодва бакі ад дзяржаўнай мяжы.

"Гэта Гродна, Ліда, Астравец, Ашмяны, Смаргонь, Шчучын, Мядзел, Паставы і Браслаў. Акрамя гэтых буйных гарадоў там будуць уключаныя зоны па сельсаветах", — расказала прэс-аташэ літоўскай амбасады.

Беларусы ж змогуць без візы паехаць у Вільню і блізкія да яе раёны. Згодна з пагадненнем, якое пакуль канчаткова не падпісана, гэта здарыцца з новага года.

Падобныя перамовы вядуцца і з Латвіяй. Але, па словах Аляксандра Цішчанкі, значна павольней, чым з Літвой і Польшчай.

Фота: endlessplanet.org