З затрыманым Міраславам Лазоўскім не праводзяцца следчыя дзеянні

Да 10 сутак працягнуты тэрмін затрымання Міраслава Лазоўскага. Нагадаем, ён разам з Сяргеям Чыславым, Ігарам Корсакам і Віктарам Ляшчынскім знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна. Усе яны затрыманыя па справе выбуху 4 ліпеня ў Мінску. 
Жонка Міраслава Лазоўскага Ніна Шыдлоўская паведаміла Еўрарадыё, што, верагодна, працягнуты тэрмін утрымання і астатнім хлопцам. У Сяргея Чыслава сёння да вечара сыходзіць трохдзённы тэрмін затрымання, але перадачу для яго ўзялі.

Высвятляецца, што Міраслава Лазоўскага яшчэ не дапытвалі, а адвакат не можа з ім сустрэцца. Вось што кажа Ніна Шыдлоўская:

"У сувязі з тым, што ўчора, сёння і, па словах супрацоўнікаў упраўлення папярэдняга расследавання, заўтра таксама не плануецца ніякіх следчых дзеянняў, учора і сёння сустрэчы не было і дазвол на гэта не быў атрыманы. Заўтра адвакат мае намер дамагчыся дазволу на сустрэчу".