За 5 тысяч можна глянуць на ход падрыхтоўкі дзіцячага "Еўрабачання-2010"

"Мінск-Арэна" прапаноўвае экскурсіі з магчымасцю прасачыць за ходам падрыхтоўкі дзіцячага "Еўрабачання-2010", паведамляе БелаПАН. Паводле слоў спецыяліста аддзела маркетынгу і рэкламы Алены Харужэнка, штодзённа 40 шведскіх спецыялістаў вядуць мантаж сцэнічнага комплексу, які выраблены спецыяльна для конкурсу. Зараз ідзе мантаж сцэны, якая будзе выканана ў форме белых крылаў.

Харужэнка падкрэсліла, што "Мінск-Арэна" сама па сабе ўяўляе цікавасць для наведвальнікаў. Па яе словах, з моманту адкрыцця ў студзені 2010 года "Мінск-Арэна" прыняла 15 тысяч экскурсантаў — ад школьнікаў да афіцыйных дэлегацый. Аб'ект наведалі прэзідэнты В'етнама, Татарстана, Туркменістана, дэлегацыі з ЗША, Францыі, Германіі, Ганы, Венесуэлы.

"Мінск-Арэна" адкрыта для наведвальнікаў у любы дзень тыдня. Кошт экскурсіі складае 5 тысяч рублёў.