За мітынг супраць будаўніцтва заводу пестыцыдаў аштрафавалі С.Абразоўскага

Жыхара пасёлку Дружны (Пухавіцкі раён, Мінская вобласць) Сяргея Абразоўскага аштрафавалі на 1 млн 400 тыс. рублёў. Яго абвінавацілі ў арганізацыі і правядзенні несанкцыяванага мітынгу супраць будаўніцтва  заводу па вытворчасці пестыцыдаў. Нагадаем, што 22 сакавіка ў пасёлку Дружны адбыўся несанкцыянаваны мітынг супраць будаўніцтва заводу. У акцыі ўдзельнічала каля 500 чалавек. На заводзе плануецца выпускаць ядахімікаты, пестыцыды, гербіцыды для сельскай гаспадаркі, а таксама утылізаваць угнаенні з пратэрмінаваным тэрмінам прыдатнасці з усёй Беларусі.

Агенцтву БелаПАН С.Абразоўскі паведаміў, што ідзе збор подпісаў пад новым зваротам супраць будаўніцтва небяспечнага прадпрыемства. Пад першым, накіраваным у Адміністрацыю прэзідэнта, сабрана больш за 1 тысячу подпісаў. Зараз жыхары звяртаюцца ў Савет міністраў Беларусі, на паседжанні якога 15 красавіка будзе разглядацца пытанне пра будаўніцтва заводу.