За ўдар суддзі ў Бярозе пажыццёва дыскваліфікавалі ўжо другога футбаліста

Пажыццёва дыскваліфікаваны футбаліст каманды другой лігі чэмпіянату Беларусі “Палессе-2” (з пасёлка Казенкі Мазырскага раёна) 30-гадовы Сяргей Трунін. Такое рашэнне прыняў дысцыплінарны камітэт Беларускай федэрацыі футбола. Футбаліст быў пакараны за ўдар суддзі Віктара Міраня кулаком у жывот падчас матча “Бярозы” і “Палесся-2”. Трунін быў незадаволены яго рашэннем аб прызначэнні штрафнога ўдару ў бок варот гасцей, нецэнзурна лаяўся, а пасля паказаў зневажальны жэст трыбунам.

Дарэчы, удар быў быў вельмі моцным, і суддзя не адразу змог працягнуць гульню.

У дысцыплінарным камітэце федэрацыі футбола паведамілі, што гэта ўжо не першы такі выпадак у айчынным футболе. Вось што распавёў Еўрарадыё сакратар камітэту Аляксандр Томін:

“Гэта ўжо, дарэчы, не першае рашэнне. Гады тры-чатыры таму было тое самае з гульцом другой лігі ў Бярозе. Таксама за ўдар суддзі, толькі, здаецца, пасля гульні”.

Адзначым, што ў другой лізе гуляюць аматары. Таму Трунін сумяшчаў гульню ў футбол з працай на заводзе.

Праўда, раней яму ўдалося пагуляць і ў вышэйшай лізе (прынамсі, называецца “Славія”). З клуба Труніна ўжо звольнілі, яшчэ да прыняцця рашэння аб пакаранні.