Замежным журналістам на саміце ў Мінску прапануюць дранікі і чабурэкі
Кошты ў буфеце ад Упраўлення справамі прэзідэнта — ад 6 да 20 тысяч рублёў.
Сёння ў беларускай сталіцы пройдзе сустрэча кіраўнікоў Мытнага Саюза, Украіны і Еўрасаюза. Саміт пройдзе ў Палацы Незалежнасці, а прэс-цэнтр размясцілі насупраць, у выставачным павільёне БелЭКСПА. Журналіст Еўрарадыё Зміцер Лукашук з месца падзеяў паведамляе, што пакуль прыбылі толькі прадстаўнікі СМІ і арганізатары. У прэс-цэнтры працуе буфет ад Упраўлення справамі прэзідэнта. Карэспандэнтам прапануюць бутэрброды, сасіскі ў цесце, чабурэкі і дранікі з мясам. Кошты ад 6 да 20 тысяч рублёў.
Чакаецца, што каля 11.15 прыляціць прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка, праз 15 хвілін — вярхоўная прадстаўніца ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан і еўракамісар па гандлі Карэл дэ Гухт. А 12-й прылятае прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў, у 13.15 — еўракамісар па энергетыцы Гюнтэр Этынгер. Апошнім у Мінску з'явіцца прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін — прыкладна ў 13.20.