"Зараз не партыйныя часы, таму сярод сенатараў няма даярак і калгаснікаў"

Еўрарадыё вырашыла даведацца, якім чынам "простыя" грамадзяне краіны становяцца сенатарамі Савета Рэспублікі. Старшыня афіцыйнага Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец сенатарам быў ажно 3 разы. Апошнія 2 яго ў Савет Рэспублікі сваім загадам уключыў прэзідэнт.

Мікалай Чаргінец: “Першы раз мяне абіралі ад Мінска, а вось перад другім скліканнем мяне запрасілі да прэзідэнта, і ён сказаў, што мяне вылучае. І запытаўся, як я на гэта гляджу. Я,  безумоўна, падзякаваў і ўспрыняў гэта нармальна”.

Гэтым разам Чаргінца ініцыятывай “знізу” ў Савет Рэспублікі не вылучалі, а прэзідэнт на яго конт пакуль таксама маўчыць.

Мікалай Чаргінец: “Наконт мяне можа прыняць рашэнне толькі прэзідэнт. Ён жа мяне прызначаў! А прэзідэнт пакуль яшчэ сваю квоту не выкарыстаў, не прызначаў”.

Затое сёлета у спісе прэтэндэнтаў на месца ў сенаце ад Мінска ёсць імя святара – айца Фёдара Поўнага. Хто канкрэтна прапанаваў яго кандыдатуру, святар не ведае. Кажа — горад. Але ці пагодзіцца на такі гонар, айцец Фёдар пакуль не ведае. Ды і блаславення ад духоўнага кіраўніцтва на гэтую працу пакуль няма.

Айцец Фёдар Поўны: “Я не прымаў рашэння аб вылучэнні кандыдатам. Такое рашэнне прымаў горад, які мяне вылучыў. Я яшчэ сваё слова павінен сказаць. Гэта першае. Другое — павінен найперш атрымаць блаславенне кіраўніцтва нашай царквы. Аднак я лічу, што пакуль не гатовы да такіх крокаў. Таму я не думаю, што з майго боку будзе станоўчае рашэнне”.

Паводле канонаў, святарам праваслаўнай царквы забаронена займацца палітыкай. Праўда, сам айцец Фёдар лічыць, што членства ў Савеце Рэспублікі - гэта не палітыка. Але, як стала вядома Еўрарадыё, нават нягледзячы на гэта святар вырашыў адмовіцца ад прапанаванага «гонару» і зняў сваю кандыдатуру з галасавання.

Як вылучалі прэтэндэнтаў у Савет Рэспублікі ад Гродзенскай вобласці, Еўрарадыё патлумачыў старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Аркадзь Карпуць.

Аркадзь Карпуць: “Ёсць звароты і саміх прэтэндэнтаў, хто хоча быць чальцом Савета Рэспублікі. Ёсць раённыя органы ўлады, якія абмяркоўваюць кандыдатуры і ўносяць свае прапановы, ёсць выканаўчы камітэт – бяруць аўтарытэтных людзей. Яны збіраюцца на сумесную нараду і прымаюць рашэнне”.

Паводле спісаў прапанаваных абласнымі Саветамі дэпутатаў кандыдатаў на сенатарства, пераважная большасць прэтэндэнтаў – кіраўнікі заводаў, прадпрыемстваў, чыноўнікі ўладных структур. Але пытанне Еўрарадыё наконт таго, чаму так атрымалася, калі закон дазваляе вылучаць абсалютнага любога чалавека на гэтую пасаду, выклікала ў старшыні сустрэчнае здзіўленне.

Аркадзь Карпуць: “Гэта ж вышэйшы заканадаўчы орган! Чаму і не павінны гэтыя людзі быць там? А павінны быць даяркі і калгаснікі? Гэта ж не партыйныя часы!”

Як вядома, сенатары, у адрозненні ад дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, заробку на сенатарскай пасадзе не атрымліваюць і ад асноўнай працы не вызваляюцца. Безумоўна, знайсці час, каб з’ездзіць на сесію ў сталіцу дырэктару завода прасцей, чым даярцы.