Затрыманы лідар аргкамітэта па стварэнні Нацыянал-бальшавіцкай партыі

30 снежня затрыманы лідар аргкамітэта па стварэнні Нацыянал-бальшавіцкай партыі Беларусі Яўген Контуш. Пра гэта БелаПАН паведаміў прадстаўнік аргкамітэта Валерый Кабернік.

Паводле яго слоў, з раніцы ў кватэры Контуша праходзіў вобыск, у выніку якога былі канфіскаваны камп'ютар, флэш-карты, агітацыйны матэрыял і газеты нацыянал-бальшавікоў "Штурм" і "Лимонка".

Як паведаміў Кабернік, вобыск праводзілі трое супрацоўнікаў КДБ. Ён не выключыў, што вобыск можа быць звязаны з падзеямі 19 снежня ў Мінску.

Кабернік таксама сказаў, што раніцай 30 снежня супрацоўнікі спецслужбаў спрабавалі трапіць у яго кватэру, аднак ён іх не ўпусціў.